Як разумець і захаваць гісторыю сваёй сям’і? Усе адказы вы атрымаеце ў межах курса “Спадчына маёй сям’і: як зразумець і захаваць “

Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт і праграмы “Еўрапейская спадчына і крэатыўны турызм” і “Развіццё культурнай спадчыны” аб’яўляюць набор на курс “Спадчына маёй сям’і: як зразумець і захаваць “, які для вас будзе выкладаць Паўліна Скурко, кандыдат гістарычных навук і выпускніца ЕГУ. 

Пра што курс?

Што такое спадчына? Замкі і храмы, святы і абрады… Але часам гэта і тое, пра што вы не маглі падумаць. Гэта і дзядулевы гальштукі, студэнцкія фота бацькоў, рэцэпт бабулінага супу, сямейныя жарты. А яшчэ — таямніцы, маўчанне, страхі, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Усё гэта складаецца ў музей сям’і. 

З такіх “музеяў” вырастае наша гісторыя і наша нацыя. З ідэнтычнасцяў адзінак складаецца нацыянальная і культурная ідэнтычнасць. Мы можам не ўсведамляць, як моцна карані ўплываюць на наша жыццё. Між тым у яго аснове ляжыць пытанне «хто я». Поўны і разгорнуты адказ — найлепшы падарунак, які можна сабе зрабіць!

На курсе мы будзем:

  • разважаць пра ўплыў сямейных траўм і сакрэтаў на наша сённяшняе жыццё;
  • разгадваць сямейныя загадкі, збіраць і фіксаваць гісторыю роду;
  • чытаць успаміны і пісаць успаміны;
  • аналізаваць сямейныя фотаальбомы і артэфакты, геаграфію і тапаграфію;
  • аналізаваць гістарычны кантэкст, апісваць эпоху, вучыцца бачыць сябе ў «вялікай» гісторыі;
  • асвойваць жанр аўтаэтнаграфіі, праводзіць самадаследаванне;
  • вучыцца пісаць тэксты;
  • працаваць з вуснай гісторыяй і гісторыяй памяці.

Хто можа ўдзельнічаць?

Курс прызначаны для студэнтаў і магістрантаў ЕГУ, аднак адкрыты і для абітурыентаў, а таксама для ўсіх, хто цікавіцца сучаснымі падыходамі да працы з культурнай спадчынай. 

Калі і як будзе праходзіць курс?

Курс будзе праходзіць с 23 траўня па 27 чэрвеня 2025 г. у анлайн-фармаце (праз Zoom):

  • 23 траўня, 18.30 – 20.00. Уводзіны ў курс
  • 30 траўня, 18.30 – 20.00 
  • 6 чэрвеня, 18.30 – 20.00
  • 13 чэрвеня, 18.30 – 20.00
  • 17 чэрвеня, 18.30 – 20.00
  • 20 чэрвеня, 18.30 – 20.00
  • 27 чэрвеня, 18.30 – 21.30 (Zoom)

Што вы атрымаеце?

Па-першае, вы зробіце самадаследаванне (асабісты досвед у спалучэнні з палявымі дадзенымі і архіўнымі звесткам), які дапаможа зрабіць нечаканыя адкрыцці! Выніковы праект, створаны на курсе, можа стаць публікацыяй, тэмай выступу або ж проста эпахальным этапам у развіцці вашага сямейнага музея.

Па-другое, усе удзельнікі, якія скончаць курс, атрымаюць сэртыфікат, які падыходзіць для ўключэння ў партфоліё для атрымання гранта, які пакрывае кошт навучання (актуальна і для абітурыентаў!).

Па-трэцяе, эсэ і праекты па выніках курса могуць быць прапанаваныя да публікацыі ў альманаху «CTRL+S», прысвечаным гістарычнай спадчыне. 

Як далучыцца да курса?

Каб стаць слухачом курса, трэба абавязкова прайсці рэгістрацыю да 20 траўня 2025 г.

Далучайцеся!

Назад