Першы выпуск альманаха ў 2021 г. быў прысвечаны тэме «Еўрапейская спадчына», другі – «Спадчына як выпрабаванне».
Запрашаем дасылаць матэрыялы ў трэці выпуск, сёлетняя тэма якога – «Утопіі нашай спадчыны»!
Утопія – гэта мара аб ідэальным, аб тым, што ніколі не можа ажыццявіцца. У паўсядзённых размовах выкарыстанне слова ўтопія часта мае негатыўны сэнс. І тым не менш, што, як не прага да ідэальнага, стымулюе нашы роздумы аб тым, як маюць быць уладкаваныя грамадскія адносіны, і, канешне, як мае развівацца культура.
Праца з культурнай спадчынай спрэс грунтуецца на ўтопіях, першая з якіх – сама магчымасць спрадвечнага захавання чаго-кольвек. А далей… пастаноўка мінулага «на службу сучаснасці» дзеля будучых пакаленняў, ідэалізаваныя ўяўленні аб «залатым веку», зладжаная праца грамадскіх інстытутаў па захаванні каштоўнасцяў, аж да вычэрпальнага вывучэння старажытных помнікаў і стварэння новых бесканфліктных методык рэстаўрацыі.
У чарговым выпуску альманаха мы запрашаем аўтараў паразважаць пра ўтопіі спадчыны ў двух аспектах:
Па-першае, нашы адносіны са спадчынай у мінулым. Пад мінулым спадчыны мы разумеем спробу крытычнага (а можа і самакрытычнага?) падсумавання гісторыі нашых адносінаў з ёй; асэнсавання ролі асобных актараў ды інстытуцый у стварэнні вобразаў мінулага, а таксама кіравання, захавання ды аднаўлення спадчыны ў Беларусі і рэгіёне. Цікава будзе прасачыць як змяняліся кантэксты і мэты захавання, як развіваліся працэсы асэнсавання, інтэрпрэтацыі ды ўзаемадачыненняў лакальнага і глабальнага; дзяржаўнага і прыватнага; урэшце навуковага і творчага ў складаным працэсе спадчыны.
Па-другое, не менш цікавы і погляд у будучыню! Змяняецца грамадства, развіваецца культура, эканоміка і тэхналогіі. Усё гэта задае дынаміку сферы спадчыны, нараджае свежыя падыходы і ідэі, у рэшце рэшт – чарговыя ўтопіі. Спадчына набывае новыя значэнні, паўстае ва ўсё больш разнастайных увасабленнях, уцягваецца ў грамадскія і эканамічныя адносіны. Еўрапейскі Саюз, з’яўляючыся сусветным лідарам па рабоце з культурнай спадчынай, усяляк стымулюе развіццё наватарскіх, крэатыўных практык у працы з ёй. Што ж перашкаджае нам ужо сёння памроіць ідэальную будучыню?
Да працы над альманахам запрашаюцца даследчыкі, эксперты па культуры і спадчыне, а таксама студэнты і магістранты Еўрапейскага Гуманітарнага Ўніверсітэта.
Мы зацікаўлены ў асэнсаваных эксперыментальных выказваннях у наступных фарматах:
- Артыкулы ў фармаце акадэмічнага эсэ;
- Інтэрв’ю;
- Агляды твораў і падзей;
- Графічныя праекты;
- Іншыя эксперыментальныя фарматы.
З выпадку тэкставых матэрыялаў, іх чаканы аб’ём – каля 20.000 знакаў, уключаючы прабелы. Мовы публікацыі: беларуская, руская, англійская.
Для таго, каб узяць удзел, просім да 8 сакавіка дасылаць ідэі/тэмы матэрыялаў з іх кароткім (1-2 абзацы) апісаннем. Правілы афармлення і іншыя тэхнічныя дэталі будуць абмеркаваныя з аўтарамі пасля ўзгаднення тэматыкі матэрыялу.
Навуковы рэдактар альманаха: PhD, Дац. Сцяпан Стурэйка.
Адрас: stsiapan.stureika@ehu.lt. Тэма ліста: Альманах – 2023.