Дзевяць тэзісаў на карысць пастаяннага сесійнага (завочнага) навучання ў ЕГУ з каментарамі для абітурыентаў
1. Студэнты пастаяннага сесійнага (завочнага) бакалаўрыяту па сканчэнні ўніверсітэта атрымліваюць дыплом, які адпавядае стандартам, прынятым у адзінай еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі.
Варта асабліва падкрэсліць, што дыпломы студэнтаў дзённага і пастаяннага сесійнага (завочнага) бакалаўрыяту нічым не адрозніваюцца адзін ад аднаго па сваім змесце і значэнні. Студэнты-выпускнікі як дзённай, так і завочнай форм навучання, якія цалкам выканалі навучальны план сваёй бакалаўрскай праграмы (спецыялізацыі), атрымліваюць адзіны еўрапейскі дыплом вышэйшай навучальнай установы краіны-ўдзельніцы Балонскага працэсу.
Што такое Балонскі працэс, вы можаце даведацца тут.
2. Навучанне на пастаянным сесійным (завочным) бакалаўрыяце ажыццяўляецца па тых самых навучальных планах, што і на дзённым бакалаўрыяце.
На дзённым і пастаянным сесійным (завочным) бакалаўрыяце вывучаюцца аднолькавыя дысцыпліны, са студэнтамі працуюць тыя самыя выкладчыкі, да студэнтаў прад’яўляюцца такія самыя патрабаванні. Розніца палягае ў тым, што, па-першае, студэнты-завочнікі цягам семестра працуюць дыстанцыйна, а па-другое, працягласць навучання на пастаянным сесійным (завочным) бакалаўрыяце на адзін год даўжэйшая. Пры пэўных умовах (добрая паспяховасць, адсутнасць запазычанасцяў) студэнту завочнага бакалаўрыяту дазваляецца вучыцца з апярэджаннем, у гэтым выпадку студэнт можа скончыць універсітэт датэрмінова.
3. Навучальны працэс на пастаянным сесійным (завочным) бакалаўрыяце адбываецца ў віртуальным навучальным асяродку MOODLE.
Калі на дзённым бакалаўрыяце навучальны працэс праходзіць традыцыйна: студэнт наведвае лекцыі і семінары, выконвае заданні, рыхтуе навуковыя і творчыя праекты, спрачаецца з выкладчыкамі – то на пастаянным сесійным (завочным) бакалаўрыяце мае месца ўсё тое самае, адно што ўсё адбываецца пераважна ў віртуальнай прасторы сеціва Інтэрнэт. Існуе такая сістэма дыстанцыйнага навучання MOODLE. Яна створаная з мэтай максімальна нівеляваць (згладзіць) адрозненне паміж дзённай і завочнай формамі навучання і тым самым падвысіць эфектыўнасць дыстанцыйнай адукацыі. Каб ад пачатку не ўзнікала блытаніны ў тэрмінах, варта адзначыць, што навучанне ў прасторы MOODLE вельмі моцна адрозніваецца ад традыцыйнага разумення «завочнага навучання», калі студэнт вучыцца толькі падчас сесіі, а паміж сесіямі сам сабе гаспадар і нічога не робіць. Калі вы, паважаныя абітурыенты, збіраецеся вучыцца на пастаянным сесійным (завочным) бакалаўрыяце ЕГУ такім чынам, то вы не даберацеся нават да сесіі: вас да яе проста не дапусцяць. У студэнтаў пастаяннага сесійнага (завочнага) бакалаўрыяту ЕГУ пры вывучэнні той ці іншай дысцыпліны распісаны кожны тыдзень працы – толькі праца гэтая вядзецца дома за камп’ютарам у віртуальнай прасторы MOODLE, а таксама ў адукацыйнай прасторы Google Docs, сацыяльных сетках, на Вэбінарах, закліканых замяніць рэальную прастору аўдыторыі і бібліятэкі. У гэтай прасторы вы будзеце знаёміцца з навучальнымі матэрыяламі ў тэкставым, відэа- і аўдыяфарматах, выконваць разнастайныя заданні: Вікі-праекты, ацэньваемыя форумы і блогі, камп’ютарныя тэсты, эсэ, – здаваць у прызначаны тэрмін працы, атрымліваць бягучыя адзнакі з каментарамі, камунікаваць з выкладчыкамі і студэнтамі з дапамогай сродкаў камунікацыі ў сеціве Інтэрнэт. Тутсама з вамі будуць працаваць метадысты праграм, якія курыруюць навучальны працэс, забяспечваюць неабходную для навучання інфармацыю і адказваюць на вашыя пытанні.
Дэмакурс для абітурыентаў пастаяннага сесійнага (завочнага) (Неабходная рэгістрацыя. Падчас рэгістрацыі ў выпадаючым меню «Направления поступления» пазначце, калі ласка, «бакалаўрскія праграмы пастаяннай сесійнай (завочнай) формы навучання»).
4. Вучоба на пастаянным сесійным (завочным) бакалаўрыяце вымагае ад студэнтаў пастаяннай і сістэматычнай працы на працягу семестра, навучальнага года, усяго тэрміну навучання.
Тэзіс пра неабходнасць пастаяннай і сістэматычнай працы – гэта не проста дзяжурны рытуальны зварот. Ёсць на пастаянным сесійным (завочным) бакалаўрыяце адно слова, якое ненавідзяць усе студэнты-завочнікі, – гэта слова «дэдлайн», г. зн. апошні тэрмін, да якога трэба здаць кантрольную працу (на выкананне і здаванне працы адводзіцца каля 3-х тыдняў). Калі пэўная колькасць прац не была здадзеная ў вызначаныя тэрміны, то выкладчык не дапусціць студэнта да экзамену. Каб сфарміраваць агульнае ўяўленне пра структуру навучальнага працэсу пры праходжанні той ці іншай дысцыпліны, коратка спынімся на асноўных этапах гэтага працэсу:
– першы тыдзень семестра (пачатак кастрычніка і сакавіка) – гэта тыдзень віртуальнай арыентацыі: студэнты знаёмяцца з выкладчыкамі, з навучальнай праграмай, з патрабаваннямі да праходжання дысцыпліны;
– вывучэнне дысцыпліны; гэты працэс – у залежнасці ад аб’ёму дысцыпліны – займае ад 2-х да 4-х месяцаў; на гэты перыяд запланаванае вывучэнне пэўных тэматычных блокаў, якія студэнты павінныя прайсці і, выканаўшы адпаведныя заданні, пацвердзіць, што тэма вывучаная якасна;
– падвядзенне вынікаў бягучай паспяховасці; па рэзультатах паспяховасці цягам семестра выкладчык інфармуе студэнтаў пра тое, хто дапушчаны да здачы экзамену, а хто не дапушчаны.
Усё гэта вельмі сур’ёзна, таму – паўтараем: вучоба на пастаянным сесійным (завочным) бакалаўрыяце ЕГУ вымагае пастаяннай і сістэматычнай працы на працягу семестра, навучальнага года, усяго тэрміну навучання. Паводле ступені інтэнсіўнасці, паводле зместавай напоўненасці дыстанцыйны навучальны працэс ніякім чынам не саступае навучальнаму працэсу на дзённай форме навучання. Студэнты-завочнікі небеспадстаўна мяркуюць, што на пастаянным сесійным (завочным) вучыцца цяжэй, чым на дзённым бакалаўрыяце.
5. Праца студэнтаў і выкладчыкаў у віртуальнай прасторы MOODLE строга кантралюецца.
Сістэма MOODLE – надзвычай разумная і бесстаронняя рэч: яна дае падрабязную інфармацыю, колькі часу студэнт праводзіць у прасторы дысцыпліны, якую ён вывучае, калі ён распачаў вывучэнне тэмы, калі здаў працу. І нават больш: гэтая сістэма дае такую самую інфармацыю датычна працы выкладчыка на працягу семестра, і гэта істотна, таму што праца выкладчыка ў дыстанцыйным курсе таксама падпарадкаваная строгім правілам: выкладчык павінен правяраць працы цягам вызначаных тэрмінаў, каментаваць адзнакі, адказваць на пытанні студэнтаў. Так і атрымліваецца: калі студэнт кепска вучыцца – яго караюць як студэнта; калі выкладчык кепска працуе – яго караюць як выкладчыка. Таму што сістэму MOODLE не падманеш: яна ўсё бачыць.
6. Дыстанцыйнае навучанне на пастаянным сесійным (завочным) бакалаўрыяце прадугледжвае абавязковыя дзённыя сесіі, якія праводзяцца ў Вільні.
Калі студэнт па выніках вучобы ў семестры дапушчаны да экзаменаў, ён запрашаецца на дзённую сесію, на якой ужо ў рэальным фармаце праводзяцца практычныя заняткі, семінары, экзамены па вывучаных дысцыплінах, чытаюцца ўстановачныя лекцыі па дысцыплінах наступнага семестра. Сесія праводзіцца ў Вільні. Прысутнасць на сесіі строга абавязковая. Гэта істотна: а раптам за студэнта цягам семестра працаваў хтосьці іншы – на практычных занятках і экзамене гэта адразу робіцца відавочным.
7. Студэнты пастаяннага сесійнага (завочнага) бакалаўрыяту ў працэсе навучання павінны авалодаць англійскай мовай на ўзроўні, не ніжэйшым за В2 (Upper-Intermediate).
Вывучаць замежную мову ў дыстанцыйным фармаце вельмі няпроста, нават калі на дапамогу прыходзяць найсучаснейшыя тэхналогіі. Аднак неабходна адразу зразумець наступнае: калі вышэйшая навучальная ўстанова называе сябе еўрапейскім універсітэтам, працуе ў еўрапейскай прасторы, выдае еўрапейскія дыпломы, то гэтаму трэба адпавядаць. Без ведання англійскай мовы цяпер цяжка знайсці сабе годнае прымяненне ў любой спецыяльнасці. Трэба таксама мець на ўвазе, што на старэйшых курсах каля 25 адсоткаў дысцыплін па спецыяльнасці будзе чытацца на англійскай мове, – тут давядзецца мець справу з вялікай колькасцю тэкстаў на замежнай мове, і Перакладчык Google наўрад ці зможа паўнавартасна дапамагчы. Таму трэба адразу рыхтаваць сябе да таго, што англійскую мову давядзецца вывучаць сур’ёзна і шмат працаваць дадаткова, асабліва калі ўзровень англійскай на момант паступлення не надта высокі. А ўніверсітэт будзе імкнуцца вам з гэтым дапамагчы.
8. Студэнты пастаяннага сесійнага (завочнага) бакалаўрыяту атрымліваюць гадавую шматразовую шэнгенскую візу.
Пасля выхаду Загаду рэктара аб залічэнні на 1-ы курс, г. зн. пасля атрымання абітурыентамі афіцыйнага статуса студэнта ЕГУ пачынаецца цэнтралізаваны працэс афармлення і атрымання шэнгенскіх віз. Гэтым працэсам займаецца адмысловы аддзел універсітэта. Трэба адзначыць, што амбасада Рэспублікі Літвы адкрывае візы студэнтам пастаяннага сесійнага (завочнага) бакалаўрыяту ў першую чаргу для наведвання абавязковых дзённых экзаменацыйных сесій, а таксама для ўдзелу ў іншых навучальных, навуковых, культурніцка-забаўляльных мерапрыемствах, якія арганізуе ЕГУ. Так, напрыклад, студэнты-завочнікі могуць прыязджаць як вольныя слухачы на лекцыі і семінары, што праводзяцца ў межах дзённага бакалаўрыяту. Але калі па выніках семестра студэнта адлічваюць з універсітэта, то гадавая шэнгенская віза анулюецца.
9. Памер аплаты за навучанне на пастаянным сесійным (завочным) бакалаўрыяце вызначаецца ў залежнасці ад акадэмічнай паспяховасці студэнта.
Рэйтынгавы бал падчас паступлення істотны яшчэ і таму, што ад гэтага бала залежыць памер аплаты навучання за восеньскі семестр 1-га курса. Чым вышэйшы рэйтынгавы бал, тым большыя шанцы падпасці пад меншы тарыф аплаты. Гэтыя тарыфы дзейнічаюць толькі да канца першага семестра – а тады праходзіць сесія, і па выніках экзаменаў рэйтынг пералічваецца: хтосьці можа страціць ільготны тарыф, хтосьці, наадварот, падпасці пад яго. Усё будзе залежаць ад вашай паспяховасці. Уласна кажучы, на пастаянным сесійным (завочным) бакалаўрыяце ўсё насамрэч залежыць ад вас, студэнтаў. І гэта слушна.
Інфармацыя пра кошт навучання тут.
Па ўсіх пытаннях наконт паступлення на бакалаўрскія праграмы пастаяннай сесійнай (завочнай) формы навучання просім звяртацца нна агульны адрас – recruitment@ehu.lt.