ЕГУ пачынае акрэдытацыю новай магістарскай праграмы «Гендарныя даследаванні»

Фота: Kanstantsin Hrydneu

Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт (ЕГУ) паведамляе аб падачы дакументаў у Цэнтр ацэнкі якасці адукацыі Літвы для акрэдытацыі новай магістарскай праграмы «Гендарныя даследаванні». Мэта праграмы — падрыхтоўка высокакваліфікаваных сацыёлагаў, здольных сістэматычна аналізаваць актуальныя сацыяльныя з’явы і праблемы, звязаныя з рознымі гендарнымі катэгорыямі, ажыццяўляць падрыхтоўку і рэалізацыю праектаў сацыялагічных даследаванняў і прапаноўваць магчымыя рашэнні сацыяльных праблем, звязаных з гендарнымі нормамі. Набор на праграму будзе праводзіцца толькі ў выпадку паспяховай акрэдытацыі і рэгістрацыі ў Цэнтры ацэнкі якасці адукацыі Літвы.

Новая магістарская праграма заснавана на шматгадовай практыцы і традыцыі ЕГУ ў галіне гендарных даследаванняў, бо падобная праграма ўжо была рэалізаваная ўніверсітэтам у часы працы ў Беларусі і на працягу доўгага часу заставалася адзінай праграмай па гендарных даследаваннях у рэгіёне. Акрамя гэтага, у 1997 годзе пры ўніверсітэце быў заснаваны Цэнтр гендарных даследаванняў, які працягвае актыўную навукова-даследчую дзейнасць і па сённяшні дзень.

«Сапраўды, наша гендарная магістратура зараз перажывае сваё трэцяе нараджэнне. Нагадаю, што праграма, якую мы адкрылі ў 2000 годзе яшчэ ў Мінску, стала першай магістарскай праграмай у нашым універсітэце. Пасля пераезду ЕГУ ў Вільню у 2005 годзе гендарная магістратура аднавілася і дзейнічала да 2020 года як спецыялізацыя ў рамках магістарскай праграмы па Культурных даследаваннях. За ўсе гэтыя гады выпускнікамі праграмы сталі каля 100 чалавек, многія з якіх цяпер жывуць і працуюць не толькі ў Беларусі і Літве, але таксама ў краінах Заходняй Еўропы і Паўночнай Амерыкі», — сцвярджае прафесар ЕГУ Альміра Ўсманава, якая адыграла ключавую ролю ў распрацоўцы новай праграмы.

«Сёння запыт на гендарныя веды і фемінісцкую оптыку вельмі высокі. У мінулым годзе я правяла маніторынг па тэматыцы выпускных работ за апошнія 5 гадоў і аказалася, што кожны год ад 25 да 30 працэнтаў дыпломных даследаванняў наўпрост звязаныя з гендарнай праблематыкай. Усё гэта, вядома ж, не выпадкова: новае пакаленне прыходзіць ва ўніверсітэт з ужо сфарміраваўшыміся поглядамі на палітыку і сацыяльныя практыкі, і многія заяўляюць пра свае фемінісцкія погляды яшчэ да таго, як пачынаюць праходзіць спецыяльныя курсы і займацца навуковымі даследаваннямі», — дадала праф. Альміра Ўсманава.

Праграма «Гендарныя даследаванні» была распрацавана пры ўдзеле прадстаўнікоў выкладчыцкага складу ЕГУ – спецыялістаў у галіне гендарных даследаванняў, студэнткі чацвёртага курса праграмы «Медыя і камунікацыя» ЕГУ Караліны Рынкевіч і запрошаных спецыялістаў з іншых краін. Гэтая праграма з’яўляецца адзінай паўнавартаснай магістарскай праграмай па гендарных даследаваннях у Літве і Беларусі.

Праграма «Гендарныя даследаванні» увасабляе сабой злучэнне тэорыі і практыкі, даследчай і праектнай дзейнасці, арыентаванай на гендарнае вымярэнне, робіць націск на паляпшэнне даследчых навыкаў студэнтаў і ўключае ў сябе міждысцыплінарны падыход, які дае студэнтам веды ў галіне права, палітыкі і іншых сацыяльных навук.

Па словах лектара ЕГУ, д-ра Ўладзіслава Іванова, які прыняў непасрэдны ўдзел у падрыхтоўцы праграмы: «Стварэнне гендарнай магістратуры ў ЕГУ і ў Літве наогул – гэта як ніколі своечасовы запуск акадэмічнай платформы па распаўсюджванню навуковых ведаў пра гендар і, магчыма, мінімізацыі стэрэатыпнага бачання таго, што часта называюць “гендарнай ідэалогіяй”. Вузкае бачанне любой з’явы, у прыватнасці гендара, абумоўлена перш за ўсё няведаннем або памылковасцю. Гендар – гэта перш за ўсё канцэпцыя, а не тэорыя, дактрына або ідэалогія, як яе часта ўяўляюць неадукаваныя людзі, а інструмент, які дапамагае думаць. На постсавецкай прасторы часта адсутнічаюць крытычныя канцэпцыі для аналізу сітуацыі, а гендар – адзін з такіх новых інструментаў, якія дапамагаюць больш дакладна выяўляць сацыяльныя і іншыя няроўнасці, выяўляць сілы, якія супрацьстаяць пераменам і крытыцы. Менавіта таму паняцце гендара часта ўспрымаецца як небяспечнае, таму што яно крытыкуе ўладу, ставіць пад сумнеў раней непахісныя рэчы. Наша праграма накіравана на запуск новай крытычнай матрыцы чытання, пісання і мыслення ў Беларусі і ў Літве, а, магчыма, і ва ўсім рэгіёне».

Навучанне на праграме будзе займаць паўтара года і ажыццяўляцца на англійскай мове ў змяшанай (англ. «blended») форме, якая спалучае вочнае навучанне ў Вільні і дыстанцыйнае навучанне.

Праф. Альміра Ўсманава распавяла, якая прафесійная і акадэмічная будучыня можа чакаць выпускнікоў праграмы «Гендарныя даследаванні»: «Выпускнікі гэтай праграмы змогуць знайсці сабе працу ў нацыянальных і міжнародных арганізацыях, установах, агенцтвах, дзейнасць якіх звязана з маніторынгам, экспертызай, аналізам праблем у прасоўванні гендарнай роўнасці. Нашы выпускнікі змогуць займацца адукацыйнай і праектнай дзейнасцю ў розных недзяржаўных арганізацыях. Асобна варта згадаць сферу крэатыўных індустрый і медыя, дзякуючы якім ажыццяўляецца прасоўванне прагрэсіўных мадэляў гендарнай сацыялізацыі і адбываецца фарміраванне публічнага дыскурсу вакол тым гендарнай ідэнтычнасці, хатняга гвалту, пераадолення патрыярхальных стэрэатыпаў і дыскрымінацыйных практык. А яшчэ выпускнікі і выпускніцы нашай гендарнай магістратуры, як правіла, вельмі матываваныя да навуковых даследаванняў і паспяхова рэалізуюць сябе ў акадэмічнай сферы (больш за дзесяць выпускніц раней існавалай гендарнай магістратуры ЕГУ абаранілі PhD ва ўніверсітэтах Еўропы і ЗША)».

Набор на праграму будзе праводзіцца толькі ў выпадку паспяховай акрэдытацыі і рэгістрацыі ў Цэнтры ацэнкі якасці адукацыі Літвы.

Назад