ЕГУ выказвае салідарнасць са зняволеным выпускніком Уладзімірам Малахоўскім

1 сакавіка суд Першамайскага раёна Віцебска вынес абвінавыўчы прысуд па артыкуле 364 Крымінальнага кодэксу выпускніку бакалаўрскай праграмы «Культурная спадчына і турызм» Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (ЕГУ) 2013 г. Уладзіміру Малахоўскаму і прысудзіў яму 3.5 гады пазбаўлення волі. Уладзімір – бацька двух непаўнагадовых дзяцей, хворы на анкалогію, аднак гэта не спыніла суд.

13 верасня 2020 г. Уладзімір Малахоўскі быў затрыманы ў Віцебску  падчас разгону маршу пратэсту супраць фальсіфікацыі Прэзідэнцкіх выбараў. Пасля затрымання ён правёў 6 сутак у СІЗА. Судом было прынята рашэнне аб арышце Уладзіміра і штрафе ў памеры 4 базавых велічынь. Падчас паседжання суда стала вядома, што Малахоўскі нібыта быў прызнаны падазраваным па артыкуле 364 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь – гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў. Была ўзбуджана крымінальная справа, некалькі месяцаў праводзілася расследаванне, а ў студзені Малахоўскі быў затрыманы ў якасці абвінавачанага. Паводле прысуду, Уладзімір таксама павінен выплаціць штраф у памеры 3000 рублёў.

Супольнасць ЕГУ катэгарычна асуджае дадзены прысуд і выказвае салідарнасць з усімі несправядліва затрыманымі і асуджанымі ў Беларусі. На дадзены момант палітычнымі зняволенымі ў Беларусі прызнаныя 2 студэнты і 1 выпускнік ЕГУ.

Назад

Галерэя